17 сакавіка — Дзень Святога Патрыка! 17.03.2020 – Опубликовано в: Новости

Таму сёння мы вырашылі ўзгадаць яскравыя цытаты з аднайменнай кнігі Ганны Севярынец!

“Незвычайны чалавек пакідае пасля сябе літаратуру і навукова-тэхнічны прагрэс, а што пакідае чалавек звычайны, той, што жыве звычайным жыццём, без безданяў і вышыняў таленту? Ён пакідае мову”.

“Ці можа быць кропка ў гісторыі пра тое, як да чалавека прыходзіць родная мова і як ён ідзе да яе? Так, нашай мове дадзена вялікае шчасце: да яе трэба ісці, праз цяжкасці і складанасці, праз раманы з іншымі мовамі, праз дзяржаўную забарону і ўласную ляноту, да яе трэба ісці, як ідзе да сваёй веры апантаны вернік, яе трэба здабываць, як здабывае даўгачаканае золата аляскінскі авантурыст. Наша мова – не для кожнага матчына, падараваная разам з жыццём, яна бывае і бацькавай, бывае ўзнагародай за пошук і за паразуменне. Ці бывае ў гэтым бясконцым тэксце кропка?”.

“Дэпрэсія – гэта што? Гэта страта глабальнага сэнсу. А сэнс – ён дзе? У мове. А мова дзе? У нас. Вяртанне да вытокаў, індывідуальны падбор літаратуры для тэрапеўтычнага чытання, афірмацыі на роднай мове, пастаноўка моўнага апарату дзеля сакральная сувязі з падсвядомасцю, аднаўленне генетычных кодаў пры дапамозе граматычных сувязяў”.

“Калісці я думаў, Мара, што шчасце запануе на свеце, калі мы ўсе разам пачнём размаўляць на мове і чытаць літаратуру. На нашай мове і нашую літаратуру. Гэта нас аб’яднае, і мы разам паляцім да зор. Ну, ты памятаеш, я быў малады, дурны і неадукаваны. Але думаў так доўга. Потым я зразумеў, што мова і літаратура насамрэч нікога не аб’ядноўваюць. А калі аб’ядноўваюць, то не да канца і не тых. Потым аказалася, што і я не хачу аб’ядноўвацца ні з Васем з аўтаваза, ні з Кейстутам з Гародні. Бо ў нас усё такое рознае. Калі мовай валодаюць адзінкі, ты яшчэ можаш знайсці паразуменне. Калі сотні – можаш наладзіць дыялог. А калі сто адзін – усё, капец. І потым. Што яднае нас, няўжо мова? Калі нас будзе шмат, сярод нас усё адно будуць дурні і інтэлектуалы, забойцы і героі, бо чалавек існуе чалавекам незалежна ад мовы, на якой размаўляе. У нас нават гістрыі няма агульнай, бо кожны ведае толькі тое, што ведае. Сваю уласную казку. Не. Я не хачу такіх казак”.

“Будзёнасць смерці, як і будзеннасць нараджэння – з гэтым цяжка мірыцца. Таму і прыдумваюць ужо пасля розныя каметы, якія нібыта праляталі над зямлёй, калі нараджаўся ягамосць, пажары, з-за якіх легендарныя мамкі нараджалі легендарных немаўлят, зоркі, ураганы, тайфуны і іншыя падзеі, якія павінны былі суправаджаць нараджэнне і смерць…”.

“У кожным чалавеку, пакуль ён жыве, нібыта напружана гудзе нейкі велізарны магніт, які прыцягвае да сябе цэлую сонечную сістэму рэчаў, падзей, словаў, пачуццяў, сюжэтных скрыжаванняў, успамінаў і надзей, крыўд і дараванняў, кахання і нелюбові. І раптам – раз! Электрычнасць выключаецца, току няма, магніт пераўтвараецца ў непатрэбную жалязяку. Зоркі і планеты тваёй сістэмы разлятаюцца ў бясконцасці. І тое, што зараз ляжыць сярод апошніх шаўкоў і паркаляў – гэта зусім не тое, чым быў чалавек. Тое – заняло свае векавечныя арбіты ў Сусвеце”.

“Пісьменнікі, паэты, музыкі – яны ўсе розныя. Ёсць сярод іх геніі, самазванцы, натхнёныя таленты і зацятыя працаўнікі, мужныя героі і вартыя жалю здраднікі, а часцей за ўсё – тыя, у кім адшукаеш і таго, і другога, і трэццяга, але ж усе яны падобныя адным – усе яны незвычайна эмацыянальныя. Нават на пажаўцелых канвертах, якія часам суправаджаюць старэнькія шэранькія паштовачкі і запіскі, бачна: вось тут літара расперазалася, паляцела за адведзеныя друкарняй рамкі, бо на штэмпелі вясна, і душа паэта адгукаецца яе спевам, а вось той жа почырк скукожваецца і падціскае кіпцюрыкі – значыцца, у лісце будзе нешта трывожнае і крыўднае. І калі вам кажуць, што быццам бы той ці іншы паэт быў стрыманы на эмоцыі, не верце. Не бывае паэтаў, стрыманых на эмоцыі. А калі і бываюць, дык знешняя далікатнасць не павінна ўводзіць у зман. У кожным мастаку заўсёды віруе бурлівы акіян, і лепей за архівы гэтага не ведае, напэўна, ніхто. Колькі сапраўднага, чалавечага, кранальнага, не залакіраванага вёрсткамі, карэктурамі і друкам хаваецца тут!”.

« Изменения в работе из-за COVID-19
Поздравляем с Международным женским днем! »