«Дзень Святога Патрыка» вяртаецца! 07.06.2018

Хутка выйдзе 2-е выданне аповесці Ганны Севярынец “Дзень Святога Патрыка”. Як адзначылі ў выдавецтве “Рэгістр”, кніга пабачыць свет на наступным тыдні. Замовіць асобнік можна на сайце выдавецтва.

“Тэма лёсу роднай мовы і літаратуры аказалася вельмі цікавай для беларускага чытача, — кажа галоўны рэдактар выдавецтва Таццяна Фалалеева. – “Дзень Святога Патрыка” стаў бэстсэлерам і практычна адразу ўвесь тыраж быў распрададзены, а попыт працягваў расці. Таму мы і вырашылі перавыдаць кнігу!”

Нагадваем, што першае выданне аповесці было прадстаўленна ў лютым 2017 года і літаральна адразу стала бэстсэлерам. Крыху пазней Ганна Севярынец з кнігай “Дзень Святога Патрыка” стала лаўрэатам літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес-2017», заснаванай Таварыствам Вольных Літаратараў.

Ганна Севярынец –настаўніца рускай мовы і літаратуры. Яна стала пераможцам чацвёртага сезона літаратурнага конкурса “Першая глава”, які праводзіць выдавецтва “Рэгістр”.

Літаратурны конкурс “Першая глава” з’яўляецца асветніцкім праектам. Яго галоўная мэта — адкрыццё новых імёнаў у літаратуры, заахвочванне творчасці пачынаючых аўтараў Беларусі, прадастаўленне ім магчымасці першай публікацыі і прасоўванне іх твораў да чытача, а таксама захаванне беларускіх літаратурных традыцый.