Ганна Севярынец, “Дзень святога Патрыка”, частка другая 16.03.2018 – Опубликовано в: Новости

Чамусьці менавіта гэты дзень яны з аднакурснікамі святкавалі заўсёды, з самага першага курса, калі выпадкова трапілі на адмысловы напаўсамадзейны канцэрт, які ладзілі мясцовыя школьнікі з ласкі нейкай замежнай амбасады (зразумела, ангельскай, але Марына чамусьці любіла думаць, што амбасада была ірландская).

На танна аздобленай сінімі і зялёнымі балончыкамі і блішчастым серпанцінам сцэне танчылі, убіваючы пяткамі ў пол сваё хваляванне, даўгалыгія і ненатуральна рыжыя дзеці ў чэшках, музычнае суправаджэнне часам пачынала трымцець і пыкаць, але ж гэтыя валынкі і скрыпкі былі такімі захапляльнымі і зайздросна вясёлымі, што хацелася выйсці ў праход, закласці рукі за спіну і колькі разоў узбрыкнуць, падкідваючы ногі да па­бядняцкі раскошнай люстры Палаца прафсаюзаў.

Былі яшчэ дзве такія культуры, акрамя ірландскай, якія падабаліся Марыне «па ўмаўчанні»: украінская і шатландская. І музыка, і літаратура, і тэатр (кіно і жывапісам Марына асабліва не цікавілася) выклікалі цікавасць адной толькі нацыянальнай прыналежнасцю. У ірландцаў ёй падабаўся нейкі ўнутраны, глыбока схаваны, але ж адчувальны ў музычным рытме ці колькасці вершаваных складоў рух — несупынны, вечны, нескароны, як тыя ногі танцораў, што выкідваюць дзівосныя каленцы пры цалкам нерухомым корпусе і руках. Шатландцы натхнялі глыбінёй і адначасова прастатой: нічога, акрамя галоўнага. Шатландцу, падавалася Марыне, няцяжка паміраць: ніякага шалупіння ў галаве, усё зразумела, прымальна і цалкам лагічна. Менавіта гэтым ёй падабаўся Бёрнс. Ніводнага непатрэбнага слова ці дэталі, толькі галоўнае: яна пакахала, ён абяцаўся, яна прыйшла з дзіцём, а ён здрадзіў, яна памерла, ён зразумеў. Увесь жыццёвы расклад — як на далоні. Ну, што да ўкраінцаў, то тут іншае. Такі стракаты, пярэсты, рознакаляровы свет, такая прага да колеру і гуку, такое багацце знешняга, прыцягнутага, нібы магнітам, да загадкавага ўнутранага, такі клубок з эмоцый, жаданняў, адказнасцяў, уцёкаў і вяртанняў — пакапайся як след у любой украінскай песні і абавязкова знойдзеш там і свой колішні клопат, і сваю запаветную мару.

Дарэчы, Мара — так Сямёнаў пачаў называць яе з таго самага Дня Святога Патрыка, які яны адзначылі разам.

— Фу­у­у, — скрывілася Марына. — Ну гэта ж зусім неяк празрыста. Танны нейкі прыёмчык, Сямёнаў.

— А хто сказаў, што я буду кадрыць цябе дарагімі? Я ж бедны студэнт, які закахаўся ў багатую ледзі. Што я цябе, дыямантамі пацешу? Дыямантаў, ведаеш, табе шмат хто накупляе. А называць цябе Марай я першы прыдумаў. Першы ж?

Багатая ледзі кіўнула — ну першы, так, — захуталася ў пярэсты шалік — паўтара даляра на распродажы ў Беластоку, і яны рушылі на канцэрт.

Раней святы адзначаліся па адной і той жа схеме. Спачатку — той самы канцэрт у Доме прафсаюзаў, гэтым разам — ужо шосты, самадзейнасці ў іх не менела, але хараства і сваёй, звыклай, зразумелай прывабнасці ўсё ж паболела. Вунь і балонікі злева тыя самыя, што ў мінулым годзе, і вянок, толькі перавесілі злева направа, а як вырасла гэтая даўганосая, якая танчыла сола ўжо два гады запар! Зусім ужо дзяўчына на выданні! Потым сто грамаў каньячку паблізу ў якой кавярні ці так, у Панікоўцы на лавачцы, хаваючыся ад міліцыі, — і дадому, у інтэрнат, яшчэ па каньячку і торцік. На Патрыка ніколі не напіваліся: па­першае, пасля 23­га і 8­га і так было цяжка, а па­другое, не хацелася псаваць канцэрт­ны настрой. Гэтым разам інтэрната ўжо не было, дзень назаўтра быў працоўны, кампанію Марыне і Сямёнаву ніхто не склаў — магчыма, усё ж такі з далікатнасці, а не па прычыне працоўнага дня. Таму і каньяк, і торцік чакалі дома, на Ляўкова, у малюпасенькай здымнай кватэрцы на чацвёртым паверсе. Не, Сямёнаў, канешне, мог паехаць да сябе, але ж Марына ведала, што не паедзе. Ці таму, што сапраўды хацеў да Марыны, ці таму, што каньяк і торцік. А можа, у комплексе.

Лічылася, што яны жывуць разам — Марына і Сямёнаў. Калі пасля выпускнога пачалася гонка па Мінску — знайсці жыллё, абысці размеркаванне, напрасіцца хоць куды на працу, сяброўкі нават не ўлічвалі Дамейку ў сваіх раскладах здымаць кватэру ўтрох ці нават упяцёх. Па­першае, нікому не хацелася кожны дзень бачыць Сямёнава, тым больш па­сямейнаму — у майтках, а тое і без іх, ён бы змог; па­другое, гэтая ягоная гвалтоўная беларускамоўнасць; а па­трэцяе, дзеля сяброўства можна і гэтага прыдурка пацярпець, але ж перашкаджаць каханкам будаваць адносіны — ну навошта? А будаваць было што, бо адносіны былі надзвычай багатымі на падзеі.

Гэты Сямёнаў усё ж такі быў нейкі ненармальны. Навошта Дамейка з ім звязалася, ніхто не разумеў. Але амаль усе зайздросцілі: не зважаючы ні на што, абодва выглядалі надзвычай ашчасліўленымі адно адным. Насуперак усяму: шалёны тэмперамент Багдана быў, на думку сябровак, невыносным. Сварыліся Дамейка з Сямёнавым па тры разы на тыдзень, і кожны раз як апошні: ён мог выскачыць з таксоўкі наўпрост на хаду, мог сысці ў ноч без капейчыны ў кішэні і без надзеі на грамадскі транспарт, мог знікнуць на тры дні, адключыўшы тэлефон — карацей, гора. Дамейка, канешне, на факультэт не бегала і пары не цікавала, але ж перажывала. Не праз тое, што не вернецца — яна была ўпэўненая, што вернецца, а праз тое, каб не зламаў дзе гэты бэйбус сваёй галавы. Ён вяртаўся заўсёды не пазней трэцяга дня, з вінаватым выглядам, якім­ніякім букецікам і абяцаннем мыць посуд бліжэйшы тыдзень і зранку, і ўвечары. І мыў, прынамсі, у першы дзень — дакладна. У гэтыя дні да новай сваркі Сямёнава можна было прыкладаць да раны, любой, нават гнойнай, і яна б гаілася, зажывала, пакрывалася найноўшай шыкоўнай скурай. Аднойчы, у тое самае паслявыпускное лета, пабачылі, як Сямёнаў выкладаў на пляжным пяску каменьчыкамі «Марыначка каханая назаўсёды», і ўсе дзяўчаты, якія былі сведкамі гэтага надта рамантычнага ўчынку, разам падумалі: усё можна дараваць за такі надпіс, літаральна ўсё.

Карацей кажучы, лічылася, што яны жывуць разам, але два–тры дні з сямі Марына снедала і вячэрала ў адзіноце з прычыны буйнага тэмпераменту і дрэннага характару бойфрэнда. І яшчэ два Сямёнаў недзе бухаў, як гэта і належыць студэнту другога курса філалагічнага факультэта. Зразумела, Дамейка з ім не хадзіла: па­першае, што рабіць у кампаніі нецвярозых малалетак аспі­рантцы першага года навучання, а па­другое, ёй не падабаўся п’яны Сямёнаў.

Ніхто ніколі не верыў Дамейцы, што яна не перажывае, не злуецца, не крыўдуе. Але знешне так і было: яна не перажывала, не злавалася і не крыўдавала. Якраз гэтай парой яна — цалкам вытлумачальна — захапілася беларушчынай, паступіла ў аспірантуру на кафедру беларускай літаратуры, хоць пяць год да гэтага займалася рускай, яе там падхапілі пад белы ручанькі і пачалі люляць і выпешчваць, бо гадоў з пяць ужо ніхто ў беларускамоўную навуку не ішоў.

Першыя два гады сваёй беларускамоўнай навукі Марына потым заўсёды ўспамінала як найшчаслівейшыя ў жыцці. Адчуванне таго, што да твайго прадмета можна наўпрост, зараз, без аніякіх перашкод дакрануцца рукой, павітацца на вуліцы, пабачыць у чарзе ў краме ці спаткаць у кнігарні, для яе, рускамоўнай філалагіні, было падарункам. На сваёй першай кафедры яна займалася рускім пісьменнікам першай эміграцыі. Асецін Гайта Газданаў, які нарадзіўся і вырас у Пецярбургу, прыйшоў у літаратуру ў Парыжы, а потым працаваў у Мюнхене, быў для яе нейкай навуковай умоўнасцю. Колькі яна пералапаціла літаратуры, каб адчуць у ім ці ў яго раманах нешта асаблівае, нешта сваё, з чым хацелася б дняваць і начаваць у бібліятэках і за камп’ютарам… Але ж нічога не знаходзілася, і яна адчувала, што дарэмна марнуе час. Другаснасць яе асабістага літаратуразнаўства, гідрапоніка яе назіранняў і высноў мучылі яе нават у снах. Што яна ведала пра Гайта Газданава? Толькі тое, што распавёў, знайшоў, падгле­дзеў нехта іншы.

А тут яна магла бачыць усю літаратуру на свае вочы. Трэба — значыцца, сесці на маршрутку і апынуцца ў Ігумене, прайсціся па вуліцах дзяцінства Марыі Мякоты. Трэба — узяць курс на Мядзел і, не даехаўшы да Пастаў, збочыць у Агароднікі Дубоўкі, а едучы назад, завітаць у Сваткі Максіма Танка. Крок налева — архіў, крок направа — бібліятэка. Сядзі, пішы. І жніво было — багатае, і жняцоў — не ставала, як казаў Міхась Скобла, і жаць было прывольна і шчасна, бо ніхто не перашкаджаў. Не вельмі цікавіліся, праўда, але ж Дамейка той чужой цікавасці і не прагла.

Гэта было занадта цікавае і напружанае ўнутранае жыццё, каб засяроджвацца на Сямёнавым. Так тлумачыла Марына, адказваючы на прамыя і бессаромныя пытанні сябровак. Але што там было на самой справе — не ведаў ніхто. Дамейка была сапраўднай «ціхушніцай», зачыненай на ўсе замкі ўсімі магчымымі ключамі.

Дарэчы, было зразумела, што пабудаваць сям’ю не атрымаецца. Па­першае, Сямёнаву было дзевятнаццаць, а Марыне — дваццаць два. Яму зарана, ёй жа ўжо хацелася б. А, па­другое, з такімі сем’і не ствараюць, гэта Марына ведала па ўласнай маці. Мяркуючы па ўсім, менавіта такім быў яе бацька, якога яна памятала чалавекам­святам і які аднойчы, калі Дамейка вучылася ў шостым класе, проста знік.

Гэта тэма была для Марыны забароненай, і таму яна не стала працягваць ланцужок успамінаў у дадзеным кірунку — пераключацца яна навучылася ідэальна. Лепей вярнуцца да Сямёнава. И тое не да ўсяго Сямёнава, а да яго часткі. Бо хопіць пра рознае, будзем пра патрэбнае.

Размаўлялі паміж сабой яны, натуральна, па­беларуску. Інакш з Сямёнавым было нельга. Марына не супраціўлялася: было цікава, прыемна і прыгожа, а ў ложку дык і наогул — ледзь не страчвала прытомнасць ад усіх гэтых Багданавых «мая каханачка» і «пачакай крышачку, зараз і я». Дарэчы, Марыну заўсёды здзіўляла, якія непрыгожыя, грубыя словы існавалі ў беларусаў для назвы самых пяшчотных частак цела: усе гэтыя «клубы», «сцёгны» і «похвы» каго заўгодна расхалодзяць. Ці то беларусы спакон веку не ўмелі займацца любошчамі інакш, як толькі на сенавале над падсвінкамі, ці то сарамлівая шляхта не пакінула нашчадкам сваю выкшталцоную эратычную спадчыну, якая, без сумненняў, была, але, часам падавалася Марыне, можа, таму і памірала мова, што не ўмела ласкава суправаджаць каханне. Але ж Сямёнаў ніколі не карыстаўся ані «клубамі», ані «сцёгнамі», ані «цыцкамі», тое, што ён казаў ёй бясконцымі шчаслівымі начамі, было наймілейшым у свеце. І раней, і потым Марыне даводзілася чуць у сваім ложку і, вядома ж, рускую, і ангельскую, і нават аднойчы французскую, але ж ніводная не была такой гарачай, як беларуская мова Багдана Сямёнава.

Яе рускую мову ён ненавідзеў. Часам яго ажно перасмыкала, калі яна заварочвала якую­небудзь асабліва жорсткую канструкцыю са збегам зычных ці нізкай родных склонаў. Ёй і самой хацелася з ім размаўляць на той самай мове, якая раптам стала мовай кахання і неспатольнай жарсці.

Яе першы раз па­беларуску здарыўся на чацвёртым курсе і атрымаўся наогул анекдатычным.

Патэлефанавала сяброўка.

«Слухай, тутака адна кабета шукае рэпетытара для дачкі, па беларускай мове» — «Э­э­э…» — «Ды там шосты клас дзяўчынка, ты што, не выкладзеш ёй мову?» — «Ну­у­у…» — «Пяць даляраў за 45 хвілін, а яна яшчэ разважае!»

І Дамейка пагадзілася.

Увесь тыдзень да першага занятку яна запіхвала ў галаву родную мову. Прачытала два тамы Быкава і тры — Караткевіча. Сцяўшы зубы, вывучыла на памяць аповед Змітрака Бядулі пад сакраментальнай назвай «Пяць лыжак заціркі». Прачытала перад люстэркам паэму Купалы «Бандароўна», каб замацаваць маўленне. Мова ў галаву ўваходзіла, але назад не выходзіла. Калі Марына адкрывала свае рускамоўныя вусны, з іх вылятала толькі нешта накшталт «э­э­э… менавіта… менавіта нешта… добры дзень… да пабачэння… дзверы зачыняюцца… дзякуй за ўвагу».

З рызыкай для інтэлекту Дамейка здабыла ў школьнай бібліятэцы падручнік белмовы для шостага класа, перагартала яго з першай старонкі да апошняй, а потым і ў адваротным парадку, і паехала да дзяўчынкі.

— Ну, — бадзёра пачала яна занятак, — сёння мы з табой па­знаёмімся і распавядзём адно аднаму, што мы ведаем пра беларускую мову! Дарэчы, «пазнаёмімся» — гэта якая часціна мовы?

Ёй падалося, што такі вытанчаны пераход ад балбатні да лінг­вістыкі, такі педагагічны кульбіт стварае атмасферу крэатыву і су­працоўніцтва. Але вучаніца так не лічыла. Яна глядзела на настаўніцу лупатымі вачыма, дзе нібы павіслі нарачанскія туманы.

— Ну? Не памятаеш? Ну паразважай!

Марына з жахам зразумела, што прыгожае, красамоўнае беларускае «дзеяслоў» заблукала недзе ў падсвядомасці, а з языка саслізнуў голенькі рускі адпаведнік:

— Канешне — глагол! — радасна ўздзела яна рукі ўгору.

Дзяўчынка неяк дзіўна здрыганулася. Марыне зрабілася няёмка. Здаецца, гэта гучала не вельмі па­беларуску… Глагол… Нешта было не тое, але што?

— Так, Наста, запішам: паўтарыць часціны мовы!

Наста паслухмяна схілілася над сшыткам і пачала пісаць.

Раптам яна падняла галаву і запытала ціхім голасам:

— А нам задалі… Гэта… Ну… Ну гэта… «па­за гарой»… «Па­за» — гэта якая часціна мовы?

Марына пахаладзела і скамянела. Па­за… Па­за… Божачкі ж мае… А па­руску ж гэта — якая часціна? О вялікі і магутны, на каго ж ты мяне пакінуў!

— А вось якраз і… (ёй хацелася сказать «выяснишь», але ж яна не ведала, як гэта будзе па­беларуску)… якраз і… якраз і… ну, гэта самае… Паўторыш!

Паўторыш… Нейкі незразумелы «паўторыш» заскокаў па пакоі, як гарэза­дамавічок. На галаве гэтага «паўторыша» калыхаўся руды віхор, ён пазіраў на Марыну з пагардлівай усмешкай і круціў пальцам ля скроні. У гэты момант яна вырашыла грошай за першы занятак не браць.

— Ну, Наста, а зараз паглядзім, як ты памятаеш знакі прыпынку!

Наста змрочна нахілілася над сшыткам.

— Запісвай! Э­э­э… Э­э­э…

На практыцы, якую Марына праходзіла на другім курсе, яна прызвычаілася прыклады для разбору прыдумваць адразу, арыен­туючыся на ход урока і патрэбы вучняў. Гэтыя яе рускія прыклады заўсёды былі цікавымі, вясёлымі і актуальнымі для аўдыторыі. Але ж у выпадку з беларускай мовай яна забылася, што зараз ёй банальна не хопіць слоўнікавага запасу!

— Э­э­э… Запісвай, Настачка…

Наста амаль дзяўбнула носам сшытак… Марына ліхаманкава перабірала пяць нейкіх выпадковых беларускіх слоў, якія няўцямна шапацелі ў галаве, як асеннія лісты на чыстых мінскіх вуліцах…

— Э­э­э… Пішы!

Дамейка зрабіла апошнія высілкі, напружылася, заплюшчыла вочы і выдала:

— Нечаканае «хэндэ­хох» прымусіла партызана выйсці з­за кустоў!

Наста падняла на яе вочы. У іх стаялі слёзы. Туманы рыхтаваліся праліцца дажджом.

— Пішы, Настачка! Нечаканае… хэндэ­хох… прымусіла… Дарэчы, «прымусіла» — якая часціна мовы?

Наста навалілася на стол і прастагнала:

— Глагол?

Колькі раз Сямёнаў рагатаў да колікаў, калі чуў гэты аповед!

Карацей, спачатку Марына мэкала і пэкала, лупіла на трасянцы, потым у адзін момант у галаве нешта пераключылася, яна пачала бачыць беларускамоўныя сны — і стала лягчэй. Потым неяк само сабой пайшло: яна нават не заўважыла, як стала карыстацца мовай у краме, на прыпынках, у паліклініцы, часам пераходзячы на рускую, змешвала мовы ў сяброўскіх размовах, якіх станавілася ўсё менш і менш — людзі працавалі, стваралі сем’і, нараджалі дзяцей, жылі нейкім сваім жыццём, у якім Марыне не было месца, ды яна і не шукала яго, занурыўшыся ў кватэрку­маламерку са сваім неўтаймаваным Сямёнавым.

Такім чынам, да другога агульнага з Багданам Дня Святога Патрыка Марына падыходзіла ўжо той самай надзейна зачыненай ад знешняга свету, непахіснай і ўраўнаважанай Дамейкай, якая праз дваццаць год будзе сядзець у шыкоўным офісе на беразе акіяна і цвёрдым голасам канстатаваць: «Яна памерла».

Цяпер Сямёнаў бязвылазна жыў у Марыны некалькі тыдняў. Не піў, чытаў запойна Барадуліна, нешта канспектаваў, рыфмаваў, яны вялі культуралагічныя размовы, гатавалі шыкоўныя вячэры на дваіх, прагульваліся па няўтульным, але абжытым праспекце Жукоўскага, куплялі на Чэрвенскім нейкае таннае печыва, якое надта ж любілі абое, і бавілі час у звыклым, знаёмым і ад таго асабліва пяшчотным каханні. Ён чамусьці забіў на ўніверсітэт, аргументуючы тым, што да першых залікаў было яшчэ як да поўні пешшу, і ўгнездаваўся ў зацішнай і схоўнай кватэрцы побач з Марай. Часам, канешне, Марыне падавалася, што гэта — следства ягонай стомы ад безграшовага і шалапутнага студэнцкага жыцця, бо на Ляўкова заўсёды кармілі, бавілі інтэлектуальнымі размовамі і дазвалялі яшчэ сёе­тое з жыццёвых прыемнасцяў, але ж ёй было добра з ім, а яму, відавочна, добра побач з ёю.

Гэта потым ужо Марына ўспомніла, што Сямёнаў раз­пораз адрываўся ад сваіх папер і неяк незвычайна, сур’ёзна і нібы з дакорам глядзеў на яе. Але ж у Дамейкі не было звычкі расшыфроўваць кожны позірк Сямёнава.

— Вось ірландцы, напрыклад… — яны ішлі пешшу да Дома прафсаюзаў, было вільготна і нават мокра, але ж адчувалася вясна. — Яны ж амаль як мы. Колькі з іх карыстаюцца сваім гэльскім? Пяцьдзясят тысяч? І тыя — вяскоўцы? Ну, эліта яшчэ. Самыя вядо­мыя ў свеце — англамоўныя Свіфт, Шоу, Уайльд, Джойс. А ірландская культура — ёсць, і яе ведаюць у свеце, і шануюць, і Патрыка ірландскага мы ведаем лепей за сваю Ефрасінню. Дзе ў нас Дзень Святой Ефрасінні? Хіба што ў святцах. Дзе ірландскія дзеці, якія ў яе гонар танчаць у якіх­небудзь іншых сталіцах? Ці нават у нашай сталіцы? Дык, мо, справа не ў мове?

— Слухай, ну што ты так спрашчаеш. Ну бывае, што на мове не размаўляюць — па розных прычынах, але ж нацыя існуе, толькі калі мова ёсць. Няхай сабе ў карыстанні элітай — ну дык а хто культуру робіць? Эліта ж. Астатняе быдла і так, і гэтак — гумус для эліты.

— Я не пра тое, хаця адносна быдла ты не маеш рацыі. Я пра тое, чаму ірландцы таксама губляюць мову, але ж не губляюць культуры, а мы бачым паратунак культуры менавіта ў мове. Вунь у той жа Ірландыі адзін з дыялектаў ужо афіцыйна мёртвы, і як гэта паўплывала на сусветны імідж ірландскай культуры? Ніяк. Я ўпэўнена, што палова сённяшняй залы ведаць не ведае пра ірландскую мову наогул і лічыць, што ў Дубліне размаўляюць па­ангельску. Там так і размаўляюць. Пяцьдзясят тысяч тых, хто паўсядзённа карыстаецца ірландскай, і яшчэ менш тых, хто размаўляе на ёй змалку. І нічога. Мо, і нам не варта біцца?

— Дык яны ж б’юцца, — раздражнёна буркнуў Сямёнаў.

— І навошта?

— Слухай, Мара. Ты, Мара, нічога пра Ірландыю не ведаеш. Чытала дзве старонкі пра іх літаратуру і адну — пра мову. І бярэшся разважаць. Ты і пра нас нічога не ведаеш. Сваю аспіранцкую лухту толькі. Перш чым рабіць нейкія высновы, трэба пацікавіцца: а як, а чаму, а што, а дзе? А ты прывыкла: хватанула там слоўца, там два — і прамаўляеш. Я не буду зараз спрачацца з табой. Мы не роўныя.

— Ты вышэй.

— Я вышэй.

Марына змоўкла. Яны ішлі, узяўшыся за рукі, знешне нічога быццам не змянілася. Але да самага Дома прафсаюзаў дайшлі моўчкі. І тут звычайная ўпэўненасць Дамейкі ў тым, што Сямёнаў нікуды не дзенецца, змянілася на такую ж упэўненасць у тым, што больш яна яго не пабачыць.

Марына ведала, што так бывае. Без аніякай прычыны. Пасярод звычайнай гутаркі. І канец. Менавіта так у яе чамусьці было заўсёды. Ні апошняга скандалу, ні размовы, ні якой значнай прычыны. Проста раз — і няма. Так сышоў Міцяй, неблагі хлопец, з якім яны сустракаліся на другім курсе, так знік Дэн, доўгавалосы прыгажун з геафака, з якім нават жылі з год у ягоным вечна пустым пакоі суседняга інтэрната. Па яе ўспамінах, так знік і баць­ка: проста ўнутраная чаша цярпення яго перапоўнілася — і ён сышоў, звыкла трымаючы ў берагах тое, што перапаўняла. Сышоў ледзь не на пальчыках, ціха, моўчкі, каб не парасплюхваць. Што адбылося паміж маткай і бацькам, яна не ведала, як і не ведала, што стане апошняй кропляй для Сямёнава і што наогул з Марынінай існасці будзе ліцца ў гэтую небяспечную чашу.

«Хутчэй за ўсё, — думала Мара, — усе мужчыны свету так сыходзілі б ад сваіх жанчын, калі б жанчыны ім дазвалялі, бо ўсе гэтыя развітальныя сваркі і высвятленне адносінаў заўсёды былі жаночай ініцыятывай. А няма ініцыятывы — ну і дзякуй богу».

Яна сядзела ў зале, паступова напаўняючыся холадам пра­дчу­вання, які ішоў аднекуль знізу, з прамоклых ног. Спярша занылі пальцы, потым — каленкі, потым непрыемна спусцела і закруціла ў жываце, дайшло да сэрца. Паднялося вышэй і стала камяком у горле. Сямёнаў сядзеў побач, як звычайна, падскокваў, круціўся, нешта мармытаў сабе пад нос, азіраўся навокал, але калі ра­ней ён рабіў гэта праз неўтаймаваны тэмперамент, зараз, адчу­вала Мара, ён проста ледзь трываў побач з ёй. Нешта раскручвалася ў ягонай галаве, нейкая спружына раздражнення і незадавальнення, і чым шчыльней яна наматвала кругі, тым больш няўтульна было Сямёнаву.

Дзеці скакалі па сцэне, уздымаючы галенастыя ногі, у салісткі былі бачныя чорныя карані з­пад рудых валасоў, пафарбаваных, відаць, хной, бо ці можна дзецям сапраўдную фарбу? Адзін з балонікаў лопнуў, і Марына падумала: «Цьфу, як сімвалічна».

Яны выйшлі на вуліцу.

— Ну, бывай, Мара. Я сёння ў інтэрнат. Бяры таксоўку. Праважаць не буду — не паспею, зачыняць дзверы, сёння дзяжурыць Піначэт, ты ж памятаеш, яна не пускае.

— А як наконт паслязаўтра на Чэрвенскі? Мы ж збіраліся за джынсамі табе, у мяне ж стыпендыя…

Колькі гадоў пасля Дамейка гатовая была адкусіць сабе язык за гэтую няшчасную, ганебную, вартую жалю і відавочную спробу шантажу!

Сямёнаў перасмыкнуўся.

— Не, буду заняты, ледзі. Лепей на гэтыя грошы зайдзі ў «Мілавіцу». А то ты са мной неяк пазнасілася.

Гэтай фразы Дамейка не магла дараваць Сямёнаву шмат гадоў. Ды што там — яна і сёння не магла яму дараваць менавіта яе. Усё даравала, акрамя «Мілавіцы».

Яна ішла дамоў адна, па пустым, сырым праспекце, і любімыя ГУМ, «Лакамка» і Цэнтральная кнігарня глядзелі на яе вільготнымі ад бясконцай спагады вачыма. У Мінску чамусьці занадта рана спыняецца жыццё праспекта, і няма больш прыдатнага месца, каб адчуць сваю татальную адзіноту халоднай сакавіцкай ноччу, чым адрэзак шляху ад Кастрычніцкай да паштамта. На праспекце Скарыны і думалася па­скарынаўску: «Звяры, што блукаюць у пу­шчы, ад нараджэння ведаюць сховы свае, птушкі, што лётаюць у паветры, помняць гнёзды свае, рыбы, што плаваюць у моры і ў рэках, чуюць віры свае, пчолы бароняць вуллі свае» — і толькі людзі часам валакуцца пустым праспектам без усялякага жадання вяртацца ў раскіданае гняздо.

«Заўтра прылятуць буслы, — чамусьці падумалася тады Дамейцы. — Заўтра прылятуць буслы. Я ім усё раскажу».

З буськамі я знаёмая даволі блізка. У маім жыцці іх было даволі багата.

Першае, што я пра іх памятаю, — мы стаім ля вішні, задраўшы галовы да неба, і крычым што ёсць моцы: «Бусел, бусел, кінь калоду на харошую пагоду!» Па праўдзе, надвор’е і так не крыўдзіць, чэрвень, спёка, нават Днепр цёплы, па пяску хадзіць немагчыма, але ж калі, пабачыўшы буську, не крыкнуць наконт калоды — ён можа падумаць, што мы яго не заўважылі, а гэта тое самае, што не павітацца з цёткай Маняй, калі яна заходзіць да нас у хату. Катастрофа.

Не, лаяцца ніхто не будзе. І натацый чытаць ніхто не стане. Наогул невядома, што будзе, бо мы ніводнага разу не дазвалялі сабе такога свавольства, хаця па гарадской звычцы і не адразу ўспаміналі, што вітацца патрэбна з кожным, кожным, кожным, хто ідзе насустрач, побач, наводдаль, сядзіць на лавачцы, едзе на лісапедзе ці трусіць на кані. Бывала, што і ў спіну якой бабульцы ці дзядку крычалі: «Здрастуйця!» —знарок з бабуліным акцэнтам, на ўнорыцкай трасянцы, каб чулі, што мы свае, проста яшчэ дрэнна арыентуемся.

Таму і буську трэба вітаць, кожнага, бо ўсе яны свае, унорыцкія.

Першая сям’я жыве на слупе на пачатку вёскі. Так, Унорыца пачынаецца не крыжом, а слупом, і на ім кола, а на коле — буслянка, а ў ёй буслы. Колькі сябе памятаю, столькі там — буслянка і буслы. Між іншым, заўсёды чамусьці зразумела, хто з іх тата, хто з іх мама, а хто бусляняты. Вязуць цябе такога, яшчэ па­гарадскому чысценькага і адпрасаванага, яшчэ з выбух­ным «г», яшчэ «маянэз» «манаэзам» называць не пачаў, у дзядзь­кавых «Жыгулях», трынаццаць кіламетраў ад Рэчыцы па старой светлагорскай трасе, а ты ўжо і гутарку падтрымліваць не можаш, бо глядзіш з трывогай: ну вось, за гэтай вярбой ужо будзе бачна, не, не за гэтай, за той, во­во­во, сядзяць! Сёлета тры! Тры бусляняткі! Бусел, бусел, кінь калоду на харошую пагоду! І вам здрастуйця!

Другая сям’я жыве на воданапорнай вежы. Гэта ля фермы, па дарозе ў лес. Калі ўжо крыху абаб’ешся на дняпроўскім беражку, растрасешся, калі рухі набудуць вясковую распаволенасць і спрыт, бярэш у рукі вядзерца — і па грыбы. Ля вежы спынішся — «Бусел, бусел, кінь калоду!» — і пайшоў. Гняздо тут высока, і буслянятак ніколі не бачна — колькі іх там, але ж гэта не важна, бо надвор’е яны даюць незалежна ад колькасці. Можна ісці смела — дождж не заспее.

Буські сваё адпрацоўвалі на ўсе сто. Ніколі ва Унорыцы дрэннага надвор’я не было. Калі раптам сярод вясны зіма — тулішся да гарачай печы і чакаеш абавязковых у такім выпадку тоўстых бабуліных бліноў. Калі адліга, дык класна: са страхі капяжы, на двары лужыны, у лужынах ледзяшы. Калі лета — дык на ўсю катушку лета. А калі дождж — дык таксама цудоўна: сядзіш на канапе, чытаеш сто трыццаты раз адзіную кніжку ў бабуліным доме, нейкі дэтэктыў без вокладкі, і трэба ж такое — падабаецца кніжка. І сто трыццаць разоў таму падабалася. У горадзе б у рукі не браў, а тут — эх!..

А назаўтра — кароў пасвіць. Мая любімая вясковая праца. Пастуха вёска не трымала, пасвілі кароў усе двары па чарзе, і бабуля заўсёды «мянялася» з суседзямі, каб нашы чэргі прыпадалі на мае канікулы. Тры, чатыры, пяць разоў, і за цётку Маню два. Каб не горад, была б я пастухом, і, як у кожнага пастуха, які сябе паважае, была б у мяне ў торбачцы кніжка, і сшытачак, і аловачак, і рабіла б я тое самае, што і так па жыцці раблю.

Пастуху выдаецца пуга — драўляная, адпаліраваная пастуховымі рукамі палка, і на ёй доўгі гумавы шнур, а на тым шнуры — вузельчык, і толькі той добры пастух, хто ўмее прагнаць пугай хвалю і напрыканцы шчоўкнуць тым вузельчыкам. Я так умела. Эх, бачыла б мяне мая настаўніца па фартэпіяна!

Дык вось, калі статак даходзіць да цярцежыка і пачынаецца навокал такі смачны хрумст, такое задаволенае пыхканне, і ад каровіных бакоў ідзе ранішні пар, і сонца рассыпаецца ў траве мільярдамі сонейкаў, тады паміж чорных, рыжых, а большзвычайных пярэстых кароў з’яўляюцца буські. Тут становіцца зразумела, хто тут сапраўдны пастух, каго слухаецца статак, хто насамрэч камандуе парадам і каму для гэтага не патрэбныя ніякія пугі, торбачкі і дзелавы выгляд. Буські ходзяць ля кароў, таксама пярэстыя, чорныя з белым, кланяюцца кожнай і стрымана гавораць: «Здрастуйця, здрастуйця, каровы, як начавалі, мы тожа добра, ага, ага».

Ну, дык а я сядаю пад вярбу са сваім дэтэктывам. Каровы пад наглядам, надвор’е пад кантролем, прывольнае ты, пастушынае жыццё!..

Настаўнікі няшмат вандруюць па краіне, а журналісты — шмат, а тыя, хто і настаўнік, і журналіст, могуць сумяшчаць пугу з вандроўкамі і так трохі спатоліць сваю прагу да пастухоўства. Любімы мой накірунак — на Брэст: бясконцая шаша, палі абапал, чырвоны зубр Сноўдала на пагорку і буслы. У горадзе іх асабліва не бачна, а тут — цэлы баль: ходзяць у чорных сурдутах, рукі­крылы за спінамі, ківаюць адзін аднаму. «Бусел, бусел, кінь калоду», — шапчу я праз акно маршруткі, але тутэйшыя буслы, ганарлівыя западзенцы, не такія спагадлівыя, як дняпроўскія, і ў Брэсце з надвор’ем мне шанцуе не заўсёды. Мо, у іх тут, ля Сноўдалы, існуе іншае нейкае прывітанне? А я са сваім «здрастуйця»…

І чаму я не засталася пастушкай назаўсёды? Насамрэч цікавае пытанне, і сацыяльны статус прафесіі — няправільны адказ. Мая цяперашняя прафесія мае амаль такі ж самы сацыяльны статус, прынамсі, вучні раз­пораз запытваюцца: «А калі вы такая разумная, кніжкі пішаце, па тэлевізары выступаеце, чаго вы ў школе працуеце?» Думаю, таму, што пастухі сёння краіне не патрэбныя: каровы ўсе па фермах, няма на каго пугай шчоўкаць. А ў школе — ёсць.

Насамрэч пра настаўніцкую працу я таксама марыла з таго самага дзяцінства. Хацелася мне быць гэтакім буськам: ходзіш па аўдыторыі, як па дыямантавым ад расы лузе мовы і літаратуры, і вучні сядзяць такія ж ціхія і ўважлівыя, як любыя мае вяс­ко­выя Зоркі і Ночкі, і хрумсцяць сакавітымі ведамі, а потым, дома, у цішы свайго закута, пачынаюць здабытае на лузе яшчэ раз перажоўваць, натхнёна ўздыхаючы над асабліва цікавымі месцамі. А я такая раз­пораз крыламі ўзмахну, дзюбу да сонца падыму, так­так­так­так — разальюся бусліным барабанным дробам, бясспрэчным і непахісным, далёка мяне чуваць…

Пастараль гэтая скончылася адразу ж, як я пераступіла парог школы. І справа не ў дзецях, канешне. І нават не ў школе. Справа ў рэчаіснасці, якая заўсёды больш складаная за любую мару. Тым больш, што ў справе кіравання школьнай пугай я была далёка не такі майстар. Мая настаўніца па фартэпіяна, якая заўсёды дакарала мяне залішне мяккім выкананнем па­мужчынскі жорсткіх Бахавых прэлюдый, у гэтым месцы зразу­мела б мяне.

Але ж — чароўная сіла дзіцячае мары. Колькі год прайшло з першага ўрока, а я ўсё спадзяюся, што некалі будзе як след: я хаджу такая па аўдыторыі, а яны такія хрумкаюць, хрумкаюць… А насамрэч тут хто хрумкае, хто плюецца, а хто і наогул шэры воўк. А як жа хочацца, каб быў статак. Такі сімпатычны, паслухмяны статачак, інтэлектуальна дойны, рэкордныя літры ў дзень, і ты пры ім — буськам. Ах, як шкада, што менавіта такімі марамі мосціцца дарога ў гістарычнае пекла.

А нядаўна я бачыла бусла, які толькі­толькі ўзлятаў. Што называецца, «на нізкім старце»: ён важка махаў крыламі над маёй галавой, белае, крыху мурзатае ягонае пуза напружылася мускуламі, чырвоныя ногі склаліся ў фюзеляж. Яшчэ крыху — і ён загудзе, замільгае чырвонымі і зялёнымі агеньчыкамі, і за ім працягнецца белы калматы след. Нават буслы часам прыкідваюцца машынамі, бо хадзіць між кароў, паклёўваючы духмяныя каровіны ляпёхі, — занятак ну зусім несучасны.

І я нават не стала прасіць яго наконт калоды. Бачна ж, спраў у птушкі па горла. Дый не вёска, каб з кожным буслом вітацца. Дый узрост у мяне ўжо не той.

« «Я — драхма радости. Я — баррель счастья. Пойду на кухню. Улыбнусь котлетам». Подборка стихов от Тамары Лисицкой во Всемирный день поэзии
Ищите романы «Это» и «Оккультоскоп штандартенфюрера» на полках книжных магазинов! »