Яна бездапаможна рыпела, гайдалася, дрыжэла, мігцела спужанымі вачыма, стагналі пад хуткімі крокамі прыступкі, млелі ад страху дзверы і настойліва грукала у чаканні дапамогі мітуслівая фортачка.
Злева па-за дахамі суседніх дамоў узносілася ў вечаровае лістападаўскае неба карункавая вежа Чырвонага касцёла, дымілі коміны, па белай вуліцы цягнуліся ланцужкі слядоў, зліваліся ля “Бельгіі” у рудую раку і ўпадалі ў двор. Тут дрыжэў на вятры шэры глог, упрыгожаны чырвонымі ягадамі, хаваліся ў куце бязлістыя бэзавыя кусты, бялела каменная адрына, значна свяжэйшая і прыгажэйшая за саму “Бельгію”, і вабілі выпадковага госця жоўценькія, толькі-толькі абструганыя прыступкі.
Той, хто надумаў бы спыніцца зараз у двары “Бельгіі”, абавязкова адчуў бы сябе асабліва самотным і пакрыўджаным: так заўсёды адчуваеш сябе халодным вечарам на пустой вуліцы побач з чужым гаманкім святам. А свята там было — ого якое: кожную хвіліну жоўтыя вокны выбухалі дружным рогатам, раз-пораз пачыналіся спевы, звінеў дзявочы смех, бразгалі талеркі і весела біліся шклянымі бачынкамі адно аб адно поўныя кілішкі.
Ніколі такога не бачыла раней ціхмяная, прыстойная “Бельгія”. Ад самага свайго нараджэння — акурат перад вайной, у дзевяцьсот трынаццатым, тады яшчэ гасцініцай яна не была — давала будыніна прытулак спакойным і добранадзейным людзям: фармацэўту Нянкоўскаму, зубному доктару Альпяровічу, і нават артылерыйскі маёр Паўлаў, жывучы ў дваццаць пятым доме, такі ўжо ціхмяны чалавек быў, гнілому цяляці хваста не адарваў бы — а мо, то не дом вінаваты быў, а ягоная кантузія.
Torvald5 –
З’яўленне гэтай кнігі для мяне было прагназаваным. Бо перад «Гасцініцай «Бельгія» выйшла кніга Ганны Севярынец «Ён і пра яго» пра Уладзіміра Дубоўку, а таксама том выбраных твораў Алеся Дудара, які ўклала Ганна. Балазе, менавіта яна адшукала прыватны архіў Алеся Дудара, які, як высветлілася, цярпліва чакаў свайго даследчыка ў Мінску ў нашчадкаў паэта. Такім чынам пісьменніца была настолькі набрынялая, працуючы ў архівах і бібліятэках, гэтым бурлівым і трагічным часам – 20-30-ыя гады мінулага стагоддзя – што не магла не выкласці гэты матэрыял у мастацкой форме ў асобнай кнізе.
У новым рамане Ганны Севярынец апавядаецца пра літаратурнае жыццё Беларусі 20 — першай паловы 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Сярод галоўных герояў –паэты Алесь Дудар і Уладзімір Дубоўка. У рамане практычна няма мастацкага вымыслу, твор пабудаваны на архіўных дакументах, газетных матэрыялах таго часу, успамінах сведкаў, гэпэушных справах.
Прачытаўшы «Гасцініцу «Бельгія», маё ўяўленне пра той час набыло акрэсленне і дэталёвую прамалёўку. Ніякіх зменаў успрымання і ацэнак таго часу і яго герояў не адбылося.
І тая спантанная і інтуітыўная думка, якая ў мяне нарадзілася яшчэ напачатку 90-х, умацавалася. Пра непазбежнасць паўставання зваднай сітуацыі, калі літаратура ствараецца пры кантролі і ўдзеле дзяржавы. І калі літаратура робіцца «з аднаго катла».
Захапляюся тым імпэтам і гарэннем, з якім Ганна рабіла гэтую кнігу. Цяпер той час актуалізаваўся і стаў больш зразумелым. Ганна вярнула яго ў цяперашні літаратурны канктэкст. Прынамсі зразумелым стаў канфлікт Дудара і Дубоўкі і прычыны нараджэньня Тодара Глыбоцкага.
Я крыху інакш успрымаю некаторых герояў таго часу, напрыклад, Язэпа Пушчу, які добра намаляваны ва ўспамінах Яна Скрыгана. Але, я так разумею, ён быў у «Бельгіі» «спадарожным героем». І мне сімпатычны ўчынак Міколы Нікановіча, які пайшоў вызваляць у ГПУ сваіх сяброў Таўбіна і Астапенку ў 1933-м. Пайшоў і не вярнуўся. То бок кніга ўтрымлівае толькі асобныя малюнкі і гісторыі з літаратурнага жыцця Беларусі таго часу, пераважна датычныя Алеся Дудара і Уладзіміра Дубоўкі. Можа цэнтральныя і найбольш значныя, але ж вельмі шмат засталося па-за кадрам. Гэта зачыць, магчымыя новыя і новыя кнігі пра той бурлівы і трагічны час. Час, калі нараджалася нашая сучасная беларуская літаратура.
Михаил Сергеенко –
Тое, што напісана з любоўю і шчырай, амаль падлеткава-максімалісцкай верай у сваю справу, вельмі павязвае цябе па руках і нагах, бо ты рэфлекторна паддаешся гэтаму кіпучаму абаянню і адкідваеш у бок розныя крытычныя інтэнцыі, якія пачынаюць падавацца табе «не да месца». Ну, прынамсі, са мной такое здараецца. Ведаеце, літаратура — гэта не толькі бясконцы, эксперыментальны пошук калейдаскапічных адказаў на запыты чалавечай супольнасці, а яшчэ і ўнікальная магчымасць зайсці ў чароўны льюісаўскі гардэроб, які парушае ўсе законы Светабудовы і выводзіць цябе ў іншы час, іншую прастору і робіць маўклівым сведкам генэзіса чалавечых узаемасувязяў, адносін, жаданняў, рашэнняў, якія чамусьці становяцца важнымі і цікавымі для цябе асабіста і той культуры з якой ты сябе атаясамліваеш. Тэкст Ганны Севярынец працуе прыкладна ў гэтым накірунку — ён не намагаецца ў нечым цябе пераканаць, нечаму навучыць, здзівіць мастацка-літаратурнай эквілібрыстыкай, а проста з любоўю распавядае гісторыю Людзей, Горада і Часу. Нашых Людзей. Нашага Гораду. Нашага Часу.
«Гасцініца «Бельгія» — гэта даволі ўмелы баланс паміж белетрызаванай біяграфістыкай і дакументальным раманам. Расповед пра Менск 20-х гадоў і беларускія літаратурныя плыні і суполкі таго часу, у асобе іх самых яскравых прадстаўнікоў, звонку, могуць падавацца абывацелю, далёкаму ад тэмы, не самым рэлевантным сюжэтам, але гэта памылковае адчуванне. Гэта кніга, перш за ўсё, пра людзей, сяброўства, каханне, мары і непахісную веру ў каштоўнасць аўтэнтычнай культуры. Магчымасць пабачыць не забранзавелыя, зацэментаваныя ў сваіх тэкстах, помнікі, а чалавека з яго слабасцямі, прыхільнасцямі, рознавектарнымі думкамі, адвагай і адчаем, вернасцю і здрадай, надзеямі і расчараваннямі — каштуе вельмі шмат, асабліва сёння, калі мы спрабуем рэфлексаваць над усім тым, што здарылася з намі ў першай палове ХХ ст.
Калі ты ведаеш гістарычны кантэкст, то адчуванне надыходзячага краю і нейкай беззоркавай ночы для амаль усіх герояў раману не адступае ад цябе з самага пачатку кнігі, але ўсё гэтае віруючае жыццё і вялікая прага свайго, толькі табе зразумелага «беларускага шчасця», якое складаецца з дзясятка розных звенняў і не патрабуе ніякіх рэгламентацый, анэстэзіруе нашыя рэтраспектыўныя страхі. Ты разумееш, што жыццё немагчыма спыніць дырэктывай, немагчыма заклеіць яму рот, немагчыма схаваць за кратамі, немагчыма забіць у Курапацкім лесе ці засценках НКУС, немагчыма прымусіць забыць. Жыццё, адлюстраванае ў культуры, памяці, часе, гарадской прасторы заўсёды знаходзіць сваё выйсце, каб узняць свой голас, каб стаць побач з намі, жывымі, каб зламаць заслону і пераступіць смерць.
Паўнавартасным героем і пратаганістам рамана Севярынец, акрамя іншых, з’яўляецца, канешне ж, і Горад. Менск. Той фантомны Менск, які мы можам зараз пабачыць толькі на фотаздымках ці пачуць у аповедах краязнаўцаў. Але гэта не спроба падгледзіць у зачыненае акенца. Гэта магчымасць адчуць сённяшнюю менскую прастору жывой, пераемнай, патыхаючай гісторыяй, гэта спроба стварыць дух месца, якога так не хапае, напоўніць знаёмыя вулачкі галасамі тых, хто жыў, змагаўся, кахаў і паміраў у гэтым горадзе да нас. Чытанне «Гасцініцы «Бельгія» часам пераўтвараецца ў займальны квэст, калі ты сам спрабуеш маляваць і візуалізаваць у сваёй галаве гарадскія лакацыі, дзе яшчэ ўчора ты бёг на працу, сустракаўся з сябрамі, цалаваўся з любімым чалавекам, спрабаваў прысмакі, казаў некаму важныя словы, рабіў паўсядзённыя справы, а вось зараз разумееш, што да цябе тут таксама адбывалася ўсе гэтае чалавечае, хай і трошку ў іншым антуражы. І здаецца быццам гэтыя цені і зараз блукаюць недзе недалёка.
Беларуская літаратура сёння безумоўна набірае сваю хаду, намагаючыся ствараць розныя тэксты пра рознае. Эксперыментуючы або застаючыся вернай традыцыі, гледзячы ў будучыню ці займаючыся мінулым, аналізуючы сённяшні дзень ці ўводзячы ў эскапісцкую рэальнасць, айчынная літаратура робіць самае галоўнае — размаўляе з намі, як пра агульначалавечае, так і генеруючы важныя сэнсы і мэсэджы менавіта для беларускага чытача, спрабуе падштурхнуць да вельмі неабходнай нашаму грамадству рэфлексіі. Раман Ганны Севярынец, на мой погляд, вельмі карысная і шчырая спроба размовы пра тое, што баліць і турбуе, без гістэрыкі і экзальтацый, без аглядкі на розныя модныя дыскурсы і падміргвання ідэалагічным плыням. Вельмі своечасовае чытанне.
Раю.