Перадзамова на «Гасіцніцу «Бельгію» 30.01.2019 – Опубликовано в: Акции, Встречи с авторами, Новости, Презентации
Што гэта за «звер» і як яго набыць.
Толькі што пачалася папярэдняя замова на новую кнігу Ганны Севярынец «Гасцініца «Бельгія»! Вы таксама можаце замовіць некалькі асобнікаў для сябе і сваіх сяброў. Прыходзьце на першую прэзентацыю рамана, якая адбудзецца 9 лютага, 13:00 на Мінскай міжнароднай кніжнай выставе (пляцоўка «Пісьменнік і час»).
Калі вы чытаеце гэты тэкс, то канешне чулі і пра першую кнігу Ганны, якая выйшла ў нашым выдавецтве — «Дзень Святога Патрыка». Яна не толькі разляцелася як «гарачыя піражкі» амаль адразу пасля выхаду, дык і ад другога выдання можна лічыць, што нічога не засталося. Так што не губляйце часу, калі не паспелі сабе набыць!
Гэта ўсё добра, але пра што новая кніга?
Тут мы даем слова аўтару — Ганне Севярынец (вытрымка з паста ў фейсбуку).
«Найперш гэта будзе раман пра каханне. Я пісала яго так, каб нават тым, хто пакуль нічога не ведае і не хоча ведаць пра час, у які адбываецца дзеянне, і пра герояў, якія жывуць і дыхаюць там, каб нават гэтым чытачам чытаць яго было цікава.
Па-другое — гэта будзе раман пра горад. Я імкнулася аднавіць Менск такім, якім ён быў сто год таму — з тымі вуліцамі і мастамі, скверамі і паркамі, крамамі і рэдакцыямі газет, сцежкамі і будынкамі.
Па-трэцяе, мне вельмі хацелася паказаць час. Тыя гады, у якія жыла гасцініца «Бельгія», былі самымі незвычайнымі ў нашай гісторыі: аглушальная надзея тут жыла побач з смяротным расчараваннем, перамогі абарочваліся здрадамі, сяброўства — подласцю, і кожнае з гэтых пачуццяў і адчуванняў мела касмічны маштаб — бо такім быў час.
Ну і, нарэшце, героі. Мне вельмі хацелася, каб яны былі жывымі, каб яны былі сапраўднымі, каб іхныя гутаркі і дыялогі былі гутаркамі і дыялогамі жывых людзей, а не персанажаў, каб іхныя ўчынкі былі ўчынкамі людзей, а не кардонных фігурак, таму яны ў мяне там робяць усё, што робяць жывыя людзі — і сварацца, і маняць, і п’юць, і ходзяць да прастытутак, і раз-пораз могуць і слоўца бруднае кінуць, хаця яны ўсе ў мяне там — беларускія паэты і пісьменнікі, класікі, краса і сіла і гэтак далей»