«Гасцініца «Бельгія». Першая прэзентацыя 04.02.2019

9 лютага а 13 гадзіне.

Новы раман Ганны Севярынец “Гасцініца “Бельгія” упершыню будзе прадстаўлены ў суботу 9 лютага а 13 гадзіне. Месца правяздення: пляцоўка “Пісьменнік і час”, Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш (пр. Пераможцаў, 14).
Ганна Севярынец – настаўніца рускай мовы і літаратуры, пераможца чацвёртага сезону літаратурнага конкурсу “Першая глава”, які праводзіла выдавецтва “Рэгістр”. Яе твор “Дзень Святога Патрыка” стаў лаўрэатам прэміі “Гліняны Вялес-2017” і трапіў у шорт-ліст прэміі Ежы Гедройца.

Ганна — пра новы твор:
“Мне важна адзначыць, што ў рамане “Гасцініца “Бельгія” амаль няма мастацкага вымыслу. У кожным разе, ён тут — мінімальны. Я імкнулася аднавіць прастору і час такімі, якімі яны сапраўды маглі быць з 1925 па 1932 год, і на гэтым няпростым, але захапляльным шляху зразумела, колькі багаццяў хавае ў сабе наш горад, ягоныя вуліцы і завулкі, колькі намаганняў — валанцёрскіх, нічым не аплочаных! — прыкладаюць менскія гісторыкі, краязнаўцы, экскурсаводы дзеля таго, каб аднавіць і захаваць горад такім, якім ён быў, распавесці і перастварыць ягоныя легенды, не даць загінуць у вечнасці ягоным жыхарам. Калі вам, як і мне калісьці, падаецца, што Менск — горад без гісторыі, без харызмы, без легенды, не верце сабе. У Менска ёсць усё — мы проста лянуемся ведаць і шукаць”

29 студзеня пачалася папярэдняя замова на раман “Гасцініца “Бельгія”. Яго таксама можна будзе набыць падчас прэзентацыі.